па-беларуску  по-русски  česky 

Пашыраны пошук

Навучанне ў ЧР

Еўрапейскі Саюз прапануе вялікую колькасць магчымасцяў для навучання. Чаму варта абраць менавіта Чэхію? Прычын адразу некалькі:

·          ЧР з'яўляецца членам ЕС і ўваходзіць у Шэнгенскую зону;
·          традыцыйна высокі ўзровень адукацыі;
·          пастаянна пашыраецца прапанова праграм навучання на англійскай мове;
·          адносна нізкія выдаткі на навучанне;
·          багатая гісторыя і культура Чэшскай Рэспублікі;
·          выгаднае геаграфічнае становішча Чэшскай Рэспублікі для падарожжаў у іншыя еўрапейскія краіны;
·          разнастайнае студэнцкае жыццё;
·          лёгкая транспартная даступнасць дзякуючы танным авіялініям.

Зацікаўленасць замежных студэнтаў у навучанні ў Чэшскай Рэспубліцы пацвярджае таксама той факт, што іх колькасць пастаянна павялічваецца, па актуальных дадзеных Міністэрства адукацыі, моладзі і фізічнай культуры ў Чэхіі вучыцца каля 35 тысяч замежных студэнтаў.

Сістэма адукацыі

Чэшскія ВНУ падзяляюцца на грамадскія, дзяржаўныя і прыватныя. У цяперашні час у краіне налічваецца 26 грамадскіх ВНУ, дзве дзяржаўныя (ваенная і паліцэйская) і 45 прыватных. Пералік усіх чэшскіх ВНУ апублікаваны на сайце www.vysokeskoly.cz.

Такім чынам, у цяперашні час навучанне ў Чэшскай Рэспубліцы гэтак жа, як і ў іншых краінах ЕС, падзелена на навучанне па бакалаўрскай праграме (3-4 гады), магістарскай (плюс 2-3 гады) і дактарантуры (як правіла, 3 гады). У апошні час вырасла колькасць праграм Master of Business Administration (MBA). Кожны навучальны цыкл заканчваецца здачай выпускных дзяржаўных экзаменаў і абаронай выніковай (бакалаўрскай, магістарскай, дысертацыйнай) працы.

Умовы приёму ў вну

Абавязковай умовай навучання ў ВНУ ў Чэшскай Рэспубліцы з'яўляецца закончаная сярэдняя адукацыя з атэстатам сталасці. Прэтэндэнты на навучанне па магістарскай праграме павінны мець бакалаўрскі дыплом ВНУ ці яго эквівалент. Для прыёму ў дактарантуру неабходна закончыць навучанне на ступень магістра.

Калі замежныя студэнты затрымліваюцца на тэрыторыі Чэшскай Рэспублікі на працягу тэрміну, які перавышае тры месяцы, яны павінны аформіць дазвол на пражыванне, нават у тым выпадку, калі яны з'яўляюцца грамадзянамі краін-членаў ЕС.

Плата за навучанне

Навучанне на чэшскай мове ў грамадскіх вышэйшых навучальных установах у Чэшскай Рэспубліцы падчас асноўнай працягласці вучобы бясплатнае. Аднак у парламенце ўжо неаднаразова абмяркоўвалася пытанне аб тым, каб увесці плату за навучанне. Замежнікі (а таксама і чэшскія студэнты), якія жадаюць вучыцца ў нас не на чэшскай мове, павінны аплочваць сваё навучанне. ВНУ самі ўсталёўваюць памер гэтай платы.

Прадметы на замежных мовах могуць вывучаць усе, хто выканае ўмовы прыёму, або іншыя крытэры, ўстаноўленыя ВНУ, пры гэтым незалежна ад грамадзянства. Усе чэшскія ВНУ вызначаюць свае асабістыя  крытэры для прыёма абітурыентаў – гэта ажыццяўляецца або ў форме ўступнага іспыту (пісьмовага, вуснага ці камбінацыі абодвух), або толькі на аснове вынікаў папярэдняга навучання. З прычыны абмежаваных магчымасцяў асобных ВНУ, а таксама памеру фінансавых сродкаў, што выдзяляюцца дзяржавай, чэшскія грамадскія ВНУ не прымаюць кожнага, хто падаў заяву аб прыёме ў ВНУ.

Калі вы вырашылі вучыцца не на чэшскай мове ці ў прыватным ВНУ, неабходна ўлічваць плату за навучанне. Гэта сума вагаецца ад 1600 да 12 000 еўра ў год. Невялікі збор аплочваецца таксама за падачу заявы аб прыёме ў ВНУ, аднак у большасці выпадкаў яго памер не перавышае 20 еўра. Вы можаце таксама скарыстацца прапановай цэлага шэрагу замежных стыпендыяльных праграм, такіх як, напр., фінансавая падтрымка з боку Міністэрства адукацыі, моладзі і фізічнай культуры (www.msmt.cz), Fulbright (www.fulbright.cz), Erasmus (www.erasmusprogramme.com), Вышаградскі фонд (www.visegradfund.org). Падрабязней пра магчымасці атрымання стыпендый у ЧР гл. www.studyin.cz/scholarships.

Магчымасць навучання не на чэшскай мове

Асноўнай мовай навучання ў Чэшскай Рэспубліцы з’яўляецца чэшская мова, аднак усё больш ВНУ прапануюць праграмы навучання на англійскай мове, а часам і на нямецкай ці французскай.

З ростам колькасці замежнікаў у чэшскіх ВНУ і дзякуючы пастаяннаму паляпшэнню ўзроўня ведаў замежнай мовы сярод чэшскіх студэнтаў прапанова праграм навучання пачынае пашырацца за кошт праграм, якія поўнасцю вядуцца на замежнай мове. Вучоба на замежнай мове ўключае навучанне, якое праводзіцца на гэтай мове ў поўным аб'ёме навучальнай праграмы ці спецыяльнасці.

На англійскай мове прапануюцца галоўным чынам медыцынскія, тэхнічныя і эканамічныя навучальныя праграмы і натуральныя навукі, у асноўным пераважаюць магістэрскія праграмы. Падрабязней аб навучальных праграмах гл. www.naric.cz ці www.VysokeSkoly.cz.

У некаторых ВНУ, такіх, як, напр., Інстытут моўнай і прафесійнай падрыхтоўкі Карлава універсітэта ў Празе, студэнтам прапануюць падрыхтоўчыя курсы чэшскай мовы. Падрабязней гл. http://ujop.cuni.cz/index_cs.php.