по-русски  па-беларуску  česky 

Пашыраны пошук
Звяртаем увагу на артыкул надрукаваць Змяніць шрыфт Павялічыць памер шрыфту

Сумесная заява місій ЗША, Вялікабрытаніі і Еўрапейскага саюза ад імя дзяржаў-членаў ЕС, прадстаўленых у Мінску, адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

З'яўляючыся сябрамі беларускага народа і прыхільнікамі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, мы вітаем прагрэс, дасягнуты ў нашых адносінах за апошнія некалькі год. Мы бачылі шмат пазітыўных змяненняў у супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі і Беларуссю: падпісанне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з ЕС і падваенне аб'ёму яго фінансавай падтрымкі; рашэнне аднавіць адносіны са Злучанымі Штатамі на ўзроўні паслоў, візіт Дзяржсакратара ЗША ў Мінск і пастаўка першай партыі амерыканскай нафты; пашырэнне палітычнага дыялогу з ЕС і яго дзяржавамі-членамі на двухбаковай аснове (што адлюстравалася, напрыклад, у візітах на ўзроўні прэзідэнта ці прэм'ер-міністра ў краіны-члены ЕС) або ў рамках Усходняга партнёрства; гандлёвы дыялог з Вялікабрытаніяй; і адкрыццё магчымасцяў для атрымання крэдытаў ЕІБ і ЕБРР. Мы зноў пацвярджаем сваю рашучасць працягваць гэта пазітыўнае ўзаемадзеянне з Беларуссю на аснове агульных каштоўнасцяў.

У сувязі з тым, што Беларусь пачынае працэс абрання свайго прэзідэнта, мы заклікаем беларускія ўлады прыняць неабходныя меры для правядзення бяспечных, мірных, свабодных і справядлівых выбараў і забеспячэння фундаментальных свабод.

Мы чакаем, што Беларусь своечасова накіруе афіцыйнае запрашэнне назіральнікам БДІПЧ АБСЕ і заклікаем беларускія ўлады на справе прадэманстраваць сваю гатоўнасць дамагчыся прагрэсу ў выкананні рэкамендацый папярэдніх справаздач БДІПЧ АБСЕ па выніках назірання за выбарамі.

Адзначаючы, у прыватнасці, што працэс рэгістрацыі кандыдатаў павінен быць справядлівым і празрыстым, мы падкрэсліваем, што ніякія палітычна матываваныя абмежавальныя меры не павінны перашкаджаць патэнцыйным кандыдатам праходзіць працэдуру рэгістрацыі.

Улічваючы, што выбары праходзяць у кантэксце крызісу COVID-19, мы настойліва рэкамендуем беларускім уладам прыняць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб фізічным дыстанцыяванні для звядзення да мінімуму пагрозы COVID-19 такім чынам, каб усе кандыдаты мелі роўныя магчымасці агітаваць і інфармаваць выбаршчыкаў аб тым, за што яны выступаюць.

Мы таксама нагадваем, што сапраўдны плюралістычны склад выбарчых камісій з'яўляецца вырашальнай умовай для ўмацавання даверу да выбарчых органаў.

Свабода СМІ і права на мірныя сходы цалкам неабходныя для забеспячэння легітымнасці выбараў. Журналісты павінны мець магчымасць паведамляць інфармацыю свабодна і бесперашкодна. Грамадзянам павінна быць дазволена мірна выказваць сваё меркаванне. Вось чаму мы таксама занепакоеныя нядаўнімі затрыманнямі ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і накладаннем адміністрацыйнага арышту на журналістаў.

Нагадваем, што наяўнасць адчувальных крокаў, што робіць Беларусь для забеспячэння павагі ўсеагульных фундаментальных свабод, прынцыпу вяршэнства закона і правоў чалавека, застанецца ключавым фактарам пры фарміраванні нашай будучай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Свабодныя і справядлівыя выбары, якія не падпадаюць пад зламысны ўплыў звонку і праводзяцца з выкананнем фундаментальных свабод, будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі, умацуюць яе суверэнітэт і незалежнасць і падрыхтуюць глебу для больш актыўнага супрацоўніцтва з нашымі краінамі і для эканамічнага дабрабыту беларускага народа.